СЕПАРА́ТАР МАЛО́ЧНЫ,

апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс. л/гадз.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема сепаратара малочнага: 1 — барабан; 2 — пакет талерак; 3 — талеркатрымальнік; 4 — паплаўковая камера; 5 — паплавок; 6 — верацяно; 7 — электрарухавік з механізмам прывода.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)